Як людзі выкарыстоўваюць экасістэмы ды іх рэсурсы

Выгады і пагрозы ў экасістэмах

Ураджай, здабыты ў моры  © Anatrack Ltd
Ураджай, здабыты ў моры © Anatrack Ltd

Чаму вы шануеце прыроду? Можа быць таму, што вы залежыце ад прыроды ў вашым жыцці, гэтак жа, як і многія жыхары сельскай мясцовасці ў іншых краінах? Ці любіце вы збіраць ягады і грыбы, або лавіць рыбу ці паляваць на розных жывёл? У некаторых краінах ежу часцей за ўсё набываюць у крамах, але больш за траціну людзей у свеце маюць моцныя традыцыі здабычы ежы ў прыродным асяроддзі. Можа быць, вы проста любіце назіраць за прыродай падчас заняткаў спортам ці робіце гэта, каб зняць стрэс? Калі так, то вы выкарыстоўваеце тое, што называецца прадукцыйнымі і культурнымі функцыямі экасістэм. Лясныя пажары, паводкі і нашэсці шкоднікаў на ўраджай ці дамы звычайна здараюцца ў тых экасістэмах, дзе пашкоджаны іх рэгулюючыя функцыі. Мы ўсе залежым ад экасістэмных працэсаў, якія падтрымліваюць добрае паветра, чыстую ваду і спрыяльны клімат.

Як людзі ўплываюць на экасістэмы

Прамысловасць можа забруджваць атмасферу, глебу і ваду © Hramovnick/Shutterstock
Прамысловасць можа забруджваць атмасферу, глебу і ваду © Hramovnick/Shutterstock

Калі мы мяняем экасістэмы ў нашых інтарэсах, гэта часам мае негатыўныя наступствы. На ўрадлівых тэрыторыях мы ператвараем лугі, лясы і нават балоты ў сельскагаспадарчыя ўгоддзі з монакультурамі. Так мы прыбіраем расліннасць, важную для многіх мясцовых відаў, і гэта ў выніку зніжае ўрадлівасць глебы. У раёнах, непрыдатных для інтэнсіўнага земляробства, хатнія жывёлы замяняюць дзікіх. Гэта вядзе да знікнення драпежнікаў і узмацнення ціску на расліннасць праз выпас. У найменш урадлівых і даступных раёнах, такіх як тундра, балоты і пустыні, узмацненне рэкрэацыйнай нагрузкі пакідае мала сапраўды некранутай прыроды. Нават без такога наўмыснага ўздзеяння мясцовых жыхароў і турыстаў, выкіды пластыку і забруджвальных рэчываў у ваду і паветра распаўсюджваюцца па ўсім свеце, як і глабальнае змяненне клімату. Іншыя пашыраныя праблемы ўзнікаюць з-за ненаўмыснай перадачы хваробаў і ўкаранення відаў, якія аказваюцца больш жыццяздольнымі за мясцовыя. Усе гэтыя праблемы пагаршаюць функцыі, якія экасістэмы забяспечваюць для людзей ды іншых арганізмаў, з якімі мы дзелім нашу планету.

Кіруем уздзеяннем людзей на экасістэмы

Калі ў экасістэмах ўзнікаюць праблемы, часта іх выяўляюць мясцовыя суполкі і часам вырашаюць самі праз эканамічна эфектыўнае аднаўленне. Для кіравання функцыямі экасістэм неабходны шэраг уменняў, у тым ліку практычныя намаганні мясцовых фермераў, леснікоў, рыбакоў, паляўнічых, назіральнікаў за дзікай прыродай, збіральнікаў і садоўнікаў пры дапамозе навукоўцаў і часта пры фінансавай падтрымцы ўрада. Прыроднае багацце экасістэм аднаўляецца ў пэўнай ступені, калі даць яму час і спрыяльныя ўмовы. Некаторыя яго складнікі, такія як расліннасць, насякомыя і іншыя дробныя жывёлы, у многіх выпадках аднаўляюцца даволі хутка. Аднак на аднаўленне спелых лясоў патрэбны дзесяцігоддзі, а на папаўненне ўрадлівага верхняга слою глебы - стагоддзі. Для кіраўніцтва і забеспячэння такой працы навукоўцы і ўрады павінны разумець, як спрыяць намаганням мясцовых жыхароў. Можна заахвоціць іх захоўваць прыроду і дзяліцца сваімі ведамі ў абмен на абмежаванае і рацыянальнае выкарыстанне рэсурсаў, якія трэба аднавіць.